siaroja (siaroja) wrote,
siaroja
siaroja

Думкі над выразамі.

На працягу жыцця часта чуеш розныя выразы. Адны паўтараюцца часта і між волі адбіваюцца ў памяці, другія, бывае, пачуеш толькі раз, але запомніш, бо пагаджаешся з імі на ўсе сто. Кароткімі фразамі часта атрымліваецца лёгка выказацца па “вялікай” тэме так, што і няма чаго дадаць. Зрэшты, адны і тыя ж выразы часта разумеюцца па-рознаму.
У мяне ў памяці зараз каля дзясятка выразаў пра ўзаемадзеянні асобы з аднаго боку і грамадства, соцыума, дзяржавы з іншага. Выразы рознапалюсныя. З аднымі я зусім пагадзіцца не магу, з другімі часткова, а з трэцямі – цалкам. Зараз правяду прыклады найбольш трапных.

“Камунізм у асобна ўзятай сям’і”
Гэты выраз я чуў з дзяцінства. І часта чую зараз у розных інтэрпрэтацыях. Азначае ён нежаданне клапаціцца праблемамі грамадства ці дзяржавы. Яны вялікія, невырашальныя. А самае галоўнае, яны ад нас не залежаць. Таму, каб не марнаваць дарэмна час, варта заняцца праблемамі сям’і, больш працаваць, думаць пра кар’ерны рост і г.д. Словам, пабудаваць светлую будучыню ў сваёй сям’і, там дзе ты можаш вырашаць, і ад цябе нешта залежыць. Пры гэтым трэба верыць, што праблемы соцыума ці дзяржавы цябе мінуць на працягу жыцця. Часцей за ўсё гэты выраз кажуць сваякі. Асабліва часта даводзілася яго чуць, калі ў студэнцкія гады “палез у палітыку” – пачаў хадзіць на мітынгі, удзельнічаць у моладзевай грамадскай арганізацыі.
З выразам я нязгодны цалкам! Асабліва ў тым кантэксце, у якім яго выкарыстоўваюць. Вядома, трэба клапаціцца пра сям’ю, але і забіваць на большыя пытанні і праблемы ўсё ж не варта. Тым больш, што часта тая ж дзяржава не доўга думае перад нападам.

“Любы народ варты ўлады, якую мае”
Таксама даволі часта чую гэтыя словы. Не пагадзіцца з імі складана, але цікава пасланне, якое ўкладаюць, вымаўляючы гэты выраз. Часцей за ўсё я яго чую з ноткамі фатальнасці ў голасе: “Ну што ж паробіш, які народ, такая і ўлада. Нічога тут не зменіш”. Некаторыя нават прапануюць маліцца на святую ўладу, бо народ яе варты... Для мяне гэты выраз, мабыць, з’яўляецца ключыкам да разумення зменаў. Мяняць уладу пры нязменным грамадстве – маласэнсоўна. Пачынаць варта, вядома, з сябе, а пасля ўжо спрабаваць змяніць і наваколле. Такім чынам, бывае, што выраз мае абсалютна супрацьлеглае пасланне. Не падабаецца ўлада, пачынай дзейнічаць!

“Калі ты не займаешся палітыкай, то палітыка займецца табой”
Жалезны довад пачынаючых, і не толькі, палітычных актывістаў, які часта даводзіцца чуць. Прычым за апошнія гады з’явілася шмат аргументаў на яго карысць. Тут можна ўспомніць мінакоў, якія апыняюцца не ў той час, не ў тым месцы, і заадно з мітынгоўцамі саджаюцца на суткі. Бяспраўных працоўных “Граніта”, “Пінскдрэва” і інш. Ахвяр сярод “непалітычных” становіцца ўсё болей. І калі довад успрымаецца суразмоўцам, то ўзнікае пытанне: “А як займацца гэтай палітыкай?” Не ўсім жа хочацца свядома станавіцца альбо пакутнікам, альбо блазнам, якія раз за разам трапляюць на суткі…

“Улада дзейнічае так, як мы [грамадзяне, народ, людзі, асобы] ёй гэта дазваляем”
Гэты выраз я пачуў толькі аднойчы. Ад аднаго блізкага па духу хлопца. Пасля ён яшчэ дадаў: “Нашай уладзе мы дазваляем зашмат”. На маю думку, жыць адарвана ад таго, што адбываецца ў краіне, грамадстве, прадпрыемстве можна, але і не трэба тады скардзіцца на ўлады.
Ідэалам для мяне (да якога я імкнуся) з’яўляецца збалансаванае жыццё паміж сям’ёй, любімай справай, працай і грамадскім актывізмам (тым самым недазволам уладам борза дзейнічаць). Формы апошняга могуць быць рознымі. Адзінае, яны павінны быць калектыўнымі, так як калектыўныя праблемы немагчыма вырашыць індывідуальна. А з гэтым у беларусаў цяжкавата. Цікава, што першасна? Нежаданне “не дазваляць уладам”, альбо нежаданне гуртавацца?

Для сябе пытанне формы, я вырашыў далучэннем да дзейнасці маіх сяброў-аднадумцаў з супольнасці Забей і моладзевай арганізацыі “Фаланстэр”. Магчыма мне не заўжды атрымліваецца актыўна ўдзельнічаць у гэтых суполках, але дапамагаю ў дзейнасці і арганізацыі мерапрыемстваў, сам праводзіў эканамічны гурток. І можа пакуль мы не вырашаем глабальныя праблемы, але ўсё пачынаецца з малога.
Tags: думкі, узаемадзеянні
Subscribe

  • Как (не)попасть на кидалу

    Давно не писал в жж, а тут такой нехороший повод подвернулся. Делая ремонт в квартире, зимой этого года после девальвации рубля в России соблазнился…

  • Пераклад Drupal на беларускую мову!

    Беларускамоўным жж-сябрам прысвячаецца. Ведаеце англійскую мову? Жадаеце развіваць прымяненне беларускай мовы ў сеціве? Прагнеце ўдзелу ў…

  • Практыка эканомікі. Лакальныя дадатковыя валюты

    Эканамічны гурток Фаланстэра працягвае сваю дзейнасць. У снежні мы пераходзім ад тэорыі да практыкі. На апошняй сустрэчы мы вырашылі паспрабаваць…

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 4 comments